АБСАРБЦЫ́ЙНАЯ МІКРАСКАПІ́Я,

метад мікраскапіі біял. аб’ектаў, заснаваны на рэгістрацыі мікраспектрафатометрамі выбіральнага паглынання святла ўнутрыклетачнымі структурамі. Выкарыстоўваецца для выяўлення, вызначэння канцэнтрацыі і вывучэння размеркавання ў клетках ці іх арганоідах бялкоў, нуклеінавых кіслот, стэроідаў, цытахромаў, гемаглабіну, некаторых вітамінаў, хларафілаў і інш. рэчываў, якім уласцівы спецыфічныя спектры паглынання. Магчымасці абсарбцыйнай мікраскапіі павялічваюцца пры выкарыстанні фарбавальнікаў, якія спецыфічна звязваюцца з рознымі рэчывамі клетак. Уласная і выкліканая (абумоўленая фарбавальнікамі) люмінесцэнцыя ўнутрыклетачных злучэнняў вызначаецца пры дапамозе люмінесцэнтнага мікраспектральнага аналізу і фотаметрычных зондаў.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)